220013, г.Минск, ул. Дорошевича, 8,

приемная администрации: +375 17 378-34-12,

факс: +375 17 353-32-21, +375 17 379-25-75,

sovadm@minsk.gov.by (не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц.
Реализовать данную возможность можно через сайт обращения.бел (интернет-сайт))

«горячая линия»

Рус Бел

28 кастрычніка ў БДУІР прайшла дыялогавая пляцоўка «Сям’я як каштоўнасць у сучасным свеце».

У якасці спікераў выступілі намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Наталля Ананіч, кіраўнік аддзела ЗАГС адміністрацыі Савецкага раёна Вольга Кіпер і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна Святлана Прывалава.

Падчас дыскусіі абмяркоўваліся дэмаграфічны стан у Беларусі, сэнс рэгістрацыі шлюбу дзяржаўнымі органамі, статыстыка разводаў, сярэдні ўзрост, у якім людзі ствараюць сем’і і нараджаюць дзяцей, сямейны капітал і сацыяльная падтрымка шматдзетных сем’яў у нашай краіне.

«Сям’я - гэта аснова дзяржавы. Як бы пафасна не гучала, але лічу, што нават Радзіма пачынаецца з сям’і, - звярнулася да студэнтаў Наталля Ананіч. - У Беларусі робяцца беспрэцэдэнтныя крокі для ўмацавання інстытуту сям’і. Вялікая дапамога аказваецца шматдзетным сем’ям і ў выхаванні дзяцей, і ў матэрыяльным плане. Сёння сямейны капітал можа выкарыстоўвацца бацькамі для навучання, паляпшэння жыллёвых умоў яшчэ да таго, як дзіцёнку споўніцца 18 гадоў».

Цікавыя абмеркаванні выклікала пытанне пра сярэдні ўзрост, у якім чалавек уступае ў шлюб. Па словах спікераў, у Мінску гэты паказчык такі: 30 гадоў у жанчын і 32 гады ў мужчыны. Погляды аўдыторыі на такія змены ў сучасным грамадстве раздзяліліся. Спікеры лічаць, што гэта не вельмі добрая тэндэнцыя, а частка студэнтаў станоўча ўспрымаюць такую статыстыку. Па іх меркаванні, у 20 гадоў цяжка зарабіць на ўсю сям’ю, а ў 30 гадоў, калі чалавек ужо мае вопыт працы, гэта зрабіць рэальней.

«Часта бываюць такія сітуацыі, калі бацькі навязваюць сваім дзецям тое, што ім трэба да 25 гадоў ажаніцца ці выйсці замуж. Я лічу гэта цалкам няправільным. Гэта асабісты выбар кожнага. Ёсць шмат прыкладаў, калі маладыя людзі да 25 гадоў уступалі ў шлюб і іх сем’і хутка распадаліся. Таму што яны былі псіхалагічна непадрыхтаваныя, - падзяліўся сваім меркаваннем студэнт 3-га курса Вадзім. - Лічу, што неабходна спачатку адчуць сябе сталым, дабіцца мінімальнага поспеху ў кар’еры, зразумець свае жыццёвыя мэты і ўсвядоміць, чаго ты хочаш ад партнёра».

Студэнт Сцяпан прытрымліваецца падобнай пазіцыі: «Калі маладыя людзі рана ствараюць сям'ю, часта бывае так, што бацькі шмат працуюць, каб забяспечыць дзяцей лепшай адукацыяй, стварыць лепшыя ўмовы для жыцця. Пры гэтым не надаецца ўвага ідэалагічнаму складніку сям’і і выхаванню. Таму да такога этапа жыцця трэба падыходзіць фінансава падрыхтаванымі. Таксама важна, каб да нараджэння дзіцяці чалавек склаўся як асоба. Таму што нельга чамусьці навучыць маленькага чалавека, калі ты сам яшчэ не адказаў на ўсе пытанні, якія круцяцца ў галаве. Калі гэтыя ўмовы выкананы, узнікае іншае пытанне: а як знайсці свайго чалавека? Мой адказ на яго такі: вам проста павінна пашанцаваць. А вось калі вам пашанцавала, тады спатрэбяцца пэўныя веды і парады, якія дапамогуць захаваць пачуцці і пераўтварыць адносіны ў сям’ю. Гэтыя веды мы можам атрымаць толькі пры максімальнай шчырасці старэйшага пакалення».

Выслухаўшы ўсе меркаванні, Наталля Юр’еўна падсумавала дыскусію: «У кожнага можа быць свая пазіцыя, і ніхто вам не ў праве навязваць сваё гледжанне. Галоўнае заключаецца ў тым, каб незалежна ад узросту мацярынства і бацькоўства былі ўсвядомленымі. Каб партнёры разумелі, колькі дзяцей яны хочуць і колькі змогуць вырасціць».

Сваім меркаваннем наконт стварэння сям’і падзяліўся кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Віталій Шапяцюк«Філасофія сям’і заключаецца ў тым, што "свае" цягам жыцця павінны стаць "чужымі", ад іх чалавеку трэба аддаліцца, а сярод "чужых" знайсці "свайго". Жаданне мець дзяцей узнікае, бо з часам чалавек разумее, што бацькі старэюць, застаюцца ў мінулым самыя важныя і каштоўныя моманты жыцця, і яму неабходна аднавіць кола кроўных сваякоў. Але адносіны пачынаюцца не са шлюбу і тым больш не з дзяцей, а з камунікацыі двух людзей паміж сабой. Таму моладзь трэба вучыць тэхналогіям стварэння сям’і, назавём гэта так, ствараць якісьці гайд, скрыпт, які б адказваў запыту маладых людзей».

Па інфармацыі  прэс-службы БДУІР