Хмяльніцкі Багдан (Зіновій) Міхайлавіч
(каля 1595—1657)
Хмяльніцкі Багдан (Зіновій) Міхайлавіч нарадзіўся каля 1595, верагодна, у г. Чыгірын Чаркаскай вобласці, Украіна.
Гетман Украіны (з 1648), дзяржаўны дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай праваслаўнай шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—1638 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска. Пасля чаго на Украіне пачалася вызваленчая вайна (1648—1654). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649.
Па ініцыятыве Xмельніцкага Пераяслаўская Рада 1654 зацвердзіла пагадненне з расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Хмяльніцкім і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны.
Xмяльніцкі пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б. Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў.
У гісторыю Хмяльніцкі ўвайшоў як дзяржаўны дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 стагоддзя Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод украінскіх гісторыкаў неадназначная.
У Мінску яго імя носіць вуліца (1954) і завулак.
На вуліцы размешчаны: вытворча-выдавецкае РУП «Дом прэсы», Цэнтр навучальнай кнігі і сродкаў навучанні, выдавецтва «Чатыры чвэрці», РУП «Мінскэнерга» філіял «Энергазбыт».