220013, г.Минск, ул. Дорошевича, 8,

приемная администрации: +375 17 378-34-12,

факс: +375 17 353-32-21, +375 17 379-25-75,

sovadm@minsk.gov.by (не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц.
Реализовать данную возможность можно через сайт обращения.бел (интернет-сайт))

«горячая линия»

Рус Бел

Сёлета мы будзем адзначаць 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. У 1946-м у «Маім запавеце» класік беларускай літаратуры пісаў: «Я прыйшоў у жыццё не дзеля сябе самога, я прыйшоў дзеля вас». Менавіта гэтыя словы і былі ўзятыя для назвы круглага стала, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе прэзентаваліся мерапрыемствы, запланаваныя Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Нацыянальнай бібліятэкай і Цэнтралізаванай сістэмай дзяржаўных публічных бібліятэк горада Мінска.

Што падрыхтавалі ўстановы культуры да 140-годдзя Якуба Коласа

Падарожжы па коласаўскіх адрасах

Калектыў літаратурна-мемарыяльнага музея імкнецца зрабіць дом Коласа прывабным і цікавым кожнаму.Тут заўсёды багата гасцей. У музеі прымаюць у першакласнікі, адзначаюць выпускныя, дні нараджэння, і нават маладыя ў дзень вяселля заязджаюць сюды на святочную фотасесію.

Малыя дзеткі тут могуць паглядзець спектаклі, створаныя па матывах народных казках, апрацаваных Коласам, альбо паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах. Старэйшыя школьнікі актыўна ўключаюцца ў квэсты і музейныя заняткі, прысвечаныя творчасці класіка. Моладзь можа завітаць на музычныя і тэатральныя вечары.

На юбілейны год запланаваны літаратурныя сустрэчы, запрашэнні творчых сем'яў, выставы, падчас якіх можна даведацца малавядомыя факты з жыцця Коласа.

— Мы стараемся паказаць Коласа з розных бакоў: як настаўніка, дзяржаўнага дзеяча, навукоўца. Але галоўнае, каб людзі маглі ўбачыць і простага чалавека з яго штодзённымі клопатамі, радасцямі і перажываннямі,— падзяліўся старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Крыжэвіч. Таму, калі першы паверх задзейнічаны пад пастаянную і часовыя экспазіцыі, на другім, мемарыяльным, захоўваецца атмасфера, якая была пры жыцці пісьменніка. У гасцёўні, сталовай і рабочым кабінеце можна ўбачыць рэчы, якія належалі сям'і Міцкевічаў.

Гасцей запрашаюць у падарожжа і па іншых адрасах Коласа. Дзякуючы віртуальнай рэканструкцыі можна паглядзець вуліцы, дамы, парк і стадыён 1930-х гадоў, а таксама дом, дзе жыў пісьменнік. Калі ў яго зазірнуць праз акенца веранды, відаць глобус і стрэльбу на сцяне — гэта напамін пра сярэдняга сына пісьменніка, Юрку, які цікавіўся геаграфіяй і любіў паляўнічыя паходы.

У юбілейным годзе, акрамя традыцыйных экскурсій і лекцыйных заняткаў, музей прапануе адкрываць звесткі з біяграфіі класіка пры дапамозе настольнай гульні «Жыццё па Коласу». Трэба толькі кінуць кубік і прасунуцца на пэўную колькасць хадоў. Кожны пункт — рэальныя факты з жыцця пісьменніка.

Задзейнічана будзе і прастора побач з домам. Дарэчы, ужо стала традыцыяй загадваць жаданні каля дрэў, пасаджаных дзядзькам Якубам. Кажуць, яны здзяйсняюццца.

Супрацоўнікі ўстановы плануюць актыўна даносіць слова Коласа і за межамі музея — яны гатовыя выязджаць у розныя гарады і праводзіць музейна-педагагічныя заняткі.

Гасцей чакаюць таксама філіялы на Стаўбцоўшчыне. Экскурсіі па мерыяльных і літаратурных экспазіцыях дапоўняць пешыя і веласіпедныя вандроўкі «Акінчыцы—Альбуць—Смольня», паходы выхаднога дня «Свет раслін на службе сям'і», інтэрактыўныя гульні.

Музей ужо падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з бібліятэчнымі ўстановамі. Так, на базе сталічнай бібліятэкі № 7 імя Якуба Коласа будзе ладзіцца праект «Коласаўскія размалёўкі». Ідэю пазычылі ў калег з Піцера, дзе падобныя работы ствараюцца па творчасці Дастаеўскага. Пры дапамозе малюнкаў і цытат з «Новай зямлі» наведвальнікаў будуць зацікаўліваць творчасцю класіка.

Што падрыхтавалі ўстановы культуры да 140-годдзя Якуба Коласа

Сотні выданняў кніжнай спадчыны

У юбілейны год шэраг мерапрыемстваў правядзе і Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

У фондах бібліятэкі зберагаецца багатая спадчына класіка. Установа валодае фактычна ўсімі публікацыямі Коласа, прыжыццёвымі і пасмяротнымі. Тут захоўваюцца арыгіналы газет і часопісаў, у якіх друкаваліся першыя вершы пісьменніка. Ёсць выданні, якія ўбачылі свет у 1930-я гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі (так, Колас аб'ядноўваў беларусаў, якія пасля Рыжскага міру аказаліся па розных баках граніцы. Дзіўна, але творы пісьменніка з савецкай часткі друкаваліся на тэрыторыі, аддадзенай Польшчы). Захоўваюцца кнігі, якія класік напісаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння багатая кніжная спадчына Коласа, сабраная ў бібліятэцы, налічвае сотні выданняў. Калі пагартаць іх старонкі ад самых ранніх, што афармляліся Карусём Каганцом, да сучасных, можна прасачыць гісторыю беларускага мастацтва. За афармленне твораў Коласа браліся народныя мастакі. Дарэчы, у бібліятэцы асобна захоўваюцца і мастацкія работы, створаныя па творах класіка. Напрыклад, вялікую калекцыю сваіх работ перадаў Георгій Паплаўскі.

Таксама ў бібліятэцы зберагаецца шэраг дакументаў, у тым ліку аўдыёвізуальных. Толькі нотных лістоў, дзе творы Коласа ляглі ў аснову, у фондах больш за дзве сотні.

Па творчасці народнага пісьменніка абараняліся кандыдацкія і доктарскія работы, у тым ліку даследчыкамі за межамі нашай краіны. Адных аўтарэфератаў дысертацый бібліятэка мае звыш 40.

Яшчэ не паказваліся шырокай публіцы некаторыя кнігі з аўтографамі пісьменніка, яго ліставанне з іншымі творцамі. Ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі і рэдкія фотаздымкі Коласа (з унукамі, пісьменнікамі, чытачамі), напрыклад, фотапартрэт, зроблены сто гадоў таму, калі Колас вярнуўся ў Беларусь пасля вымушанай з-за Першай сусветнай вайны эміграцыі, альбо яшчэ больш ранні здымак 1907 года, дзе малады Міцкевіч танцуе са сваім сябрам.

Сярод рарытэтаў — вершы з праўкамі: рэдактарскімі ці зробленымі самім Коласам.

Усё гэтае багацце будзе выкарыстана ў падрыхтоўцы юбілейных мерапрыемстваў.

Па інфармацыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.