220013, г.Минск, ул. Дорошевича, 8,

приемная администрации: +375 17 378-34-12,

факс: +375 17 353-32-21, +375 17 379-25-75,

sovadm@minsk.gov.by (не используется для направления электронных обращений граждан и юридических лиц.
Реализовать данную возможность можно через сайт обращения.бел (интернет-сайт))

«горячая линия»

Рус Бел

Савецкі раён Мінска ўваходзіць у тройку першых раёнаў беларускай сталіцы. Але сваю цяперашнюю назву ён атрымаў у 1961 годзе. Сёння на яго тэрыторыі пражывае больш за 160 тысяч чалавек. Як і іншыя сталічныя муніцыпальныя адзінкі, Савецкі раён у апошнія гады актыўна развіваецца. Больш падрабязна аб гэтым карэспандэнту «Звязды» распавёў кіраўнік адміністрацыі раёна Сяргей Хільман.

Асаблівасці і жыццё Савецкага раёна Мінска. Распавядае кіраўнік раёна

— Сяргей Анатолевіч, дык з якога часу раён адлічвае сваю гісторыю: з 1938-га — як пераемнік былога Варашылаўскага раёна, з 1961-га, калі атрымаў цяперашнюю назву, ці з 1977-га, калі сфарміраваўся ў сваіх сучасных граніцах?

Савецкі раён — адзін з самых старых раёнаў Мінска. Гістарычна вызначыліся чатыры яго асноўныя зоны: Залатая Горка, Камароўка, Сельгаспаселак, Зялены Луг. У 1930-я пачалося фарміраванне Камароўскай плошчы (цяпер Якуба Коласа). Былі рэканструяваны так званыя Камароўскія вілы (зліццё былых Лагойскага і Барысаўскага трактаў).

Мінск паступова разрастаўся. Улічваючы значны рост насельніцтва сталіцы (218 тысяч чалавек) Прэзідыум ЦВК БССР 17 сакавіка 1938 года прыняў пастанову аб утварэнні ў сталіцы трох гарадскіх раёнаў: Сталінскага, Кагановіцкага і Варашылаўскага (з 2 лістапада 1961 года — Савецкага раёна). У сувязі з пашырэннем горада Савецкі раён падзяляўся двойчы. Менавіта з яго складу ўтварыўся спачатку Першамайскі, а потым і Цэнтральны раёны горада (1969 год). Таму днём нараджэння раёна лічыцца 17 сакавіка 1938 года.

Савецкі раён у сучасных граніцах знаходзіцца з 1977-га. Размешчаны ў паўночнай частцы горада паміж вуліцамі Ліліі Карастаянавай, Крапоткіна, праспектам Машэрава, Казлова, Платонава, праспектам Незалежнасці, вуліцамі Сурганава, Якуба Коласа, Лагойскім трактам. У красавіку 2004-га да раёна былі далучаны вёска Цна і тэрыторыя вёскі Баравая.

— У чым заключаюцца асноўныя адрозненні Савецкага раёна ад іншых муніцыпальных утварэнняў горада?

— Па-першае, Савецкі раён — адзін з самых маленькіх у сталіцы па плошчы, але з высокай шчыльнасцю насельніцтва. Па-другое, гэта маладзёжны раён. У трох ВНУ і сямі сярэдніх спецыяльных навучальных установах вучыцца каля 30 тысяч маладых людзей. Трэцяя частка з іх пражывае ў 35 маладзёжных інтэрнатах тут жа, у раёне. Маладзёжнай палітыцы ўдзяляецца першачарговая ўвага. Мы пастаянна знаходзімся ў кантакце з кіраўніцтвам устаноў адукацыі, каб ведаць надзённыя праблемы і запатрабаванні моладзі. Бо ад гэтага залежыць стварэнне камфортных умоў для самарэалізацыі маладых людзей — атрымання адукацыі, арганізацыі вольнага часу, спартыўных і культурных мерапрыемстваў.

Сёння карыстаюцца папулярнасцю ў маладзёжным асяроддзі дыялогавыя пляцоўкі. Тэматыка самая розная. Абмяркоўваюцца, як правіла, надзённыя праблемы і тэмы, якія хвалююць моладзь. Вельмі папулярная патрыятычная тэма. Праведзена больш за 160 дыялогавых пляцовак, у якіх узяло ўдзел больш за 5 тыс. чалавек. Студэнты актыўна ўключыліся ў абмеркаванне дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Іх цікавілі многія дапаўненні, асабліва роля Усебеларускага народнага сходу, захаванне гістарычнай праўды аб лёсе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, роля моладзі ў жыцці дзяржавы і грамадства.

Праводзіцца работа па ўключэнні студэнтаў у органы маладзёжнага самакіравання. Нядаўна прайшло гарадское мерапрыемства «Мінская змена — 2021», у якім удзельнічалі 6 прадстаўнікоў ВНУ раёна. Юнакі і дзяўчаты прапанавалі цікавыя ідэі, праекты ў сферы сацыяльнай палітыкі, развіцця медыярэсурсаў і іншыя. Вялікую дапамогу моладзь аказвае ў ахове правапарадку. Напрыклад, 90 працэнтаў дружыннікаў тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны — гэта моладзь.

— На тэрыторыі Савецкага раёна няма такіх буйных прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, «Атлант», але ўсё ж такі, які ўклад ён робіць у агульную скарбонку сталіцы?

— Згодзен, такіх буйных арганізацый — «шматтысячнікаў» у нас няма. Разам з тым прамысловасць у раёне развіваецца добрымі тэмпамі. Паспяхова працуюць 15 найбуйнейшых арганізацый з колькасцю звыш 100 чалавек, сярод якіх ААТ «Амкадор-УКБ», ААТ «Амкадор-Белвар», ААТ «Прамсувязь», прыватныя кампаніі, якія вырабляюць у тым ліку інавацыйную прадукцыю.

Савецкі раён мае найбольшую ўдзельную вагу ў дабаўленай вартасці, што ствараецца сталіцай, па транспартнай дзейнасці, паколькі на нашай тэрыторыі размешчаны ААТ «ГазпрамТрансгазБеларусь». Немалая ўдзельная вага ў маштабах горада і ў экспарце паслуг, аптовым тавараабароце, інвестыцыях, якія прыцягваюцца. Раён заўсёды ў тройцы лідараў па ўзроўні заработнай платы, а таксама традыцыйна ўносіць значны ўклад у аб'ём падатковых паступленняў па г. Мінску.

— Якіх поспехаў дабіліся працаўнікі раёна летась?

— Мінулы год быў дастаткова паспяховы ў эканамічным плане, забяспечана выкананне большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Амаль на трэць павялічыўся аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, амаль у два разы павялічылася ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў аб'ёмах вытворчасці ў параўнанні з папярэднім годам, значна ўзрос як экспарт тавараў, так і экспарт паслуг.

У мэтах далейшага развіцця міжнароднага супрацоўніцтва летась мы падпісалі два пагадненні з Кітайскай Народнай Рэспублікай — з раёнам Чанін (г. Шанхай) і раёнам Няньша (г. Гуанчжоў). Прадпрыемствы прадаўжаюць інвеставаць у асноўныя сродкі, затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў арганізацыямі раёна павялічыліся больш як на трэць.

— Як павышаецца якасць жыцця жыхароў Савецкага раёна, як змяняецца яго знешні выгляд?

— Якасць жыцця людзей у першую чаргу залежыць ад узроўню заработнай платы. Мы ўвесь час працуем з арганізацыямі і кантралюем своечасовасць яе выплаты. Узровень заработнай платы грамадзян, якія працуюць на прадпрыемствах Савецкага раёна, на 40 працэнтаў перавышае сярэднюю па краіне, гэта другі па ўзроўню паказчык сярод 9 раёнаў сталіцы. На тэрыторыі раёна штогод павялічваецца колькасць магазінаў, гандлёвых сетак, з'яўляюцца новыя фарматы рознічных гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання.

Нягледзячы на шчыльнасць наяўнай забудовы на тэрыторыі Савецкага раёна вядзецца будаўніцтва жылля. Завершана ўзвядзенне шэрага грамадскіх будынкаў. У найбліжэйшай перспектыве на 2022—2023 гады плануецца ўвесці ў эксплуатацыю шэраг шматкватэрных жылых дамоў. У рамках распараджэнняў кіраўніка дзяржавы праводзіцца абнаўленне забудовы ў раёне вул. Я. Коласа — вул. Кульман — вул. В. Харужай.

— Якія новыя аб'екты з'явяцца на карце Савецкага раёна ў недалёкай будучыні? Што яшчэ цікавага ў планах развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?

— Плануецца ажыццявіць рэканструкцыю «13-й гарадской паліклінікі». У прыбудове плануецца размясціць цэлы шэраг спецыялізаваных аддзяленняў, што, безумоўна, палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама плануецца ажыццявіць знос малапавярховай забудовы ў квартале вул. Лук'яновіча — вул. Усходняя — вул. 1-я Пасялковая — вул. Л. Бяды з будаўніцтвам шматпавярховай забудовы. Гэтую пляцоўку забудоўшчык плануе вызваліць у першым паўгоддзі 2023-га.

Адна з «фішак» раёна — месцы масавага камфортнага адпачынку: Парк Дружбы народаў і Цнянскае вадасховішча. У планах сёлета ўладкаваць на вадасховішчы новы пляж. Гэтая зона адпачынку з'явіцца на востраве насупраць выратавальнай станцыі. На дадзеныя мэты Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдзяляе 80 тысяч рублёў.

Лічу, што Савецкі раён — тая сталічная тэрыторыя, дзе людзям камфортна жыць і прыемна адпачываць.

 Па інфармацыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.